«Відавочна, гэта нейкая шматхадовачка», – сяброўка палоннага мараканца, якога «ДНР» асудзіла на смерць

Які сэнс выносіць смяротны вырак грамадзянам Брытаніі і Марока, якіх расейскія войскі ўзялі ў палон на Данбасе? І як ім можна дапамагчы? Паразмаўлялі з сяброўкай Саадуна Брагіма – украінскага байца і грамадзяніна Марока, якога «суд» у Данецку пастанавіў расстраляць.

Саадун Брагім (у цэнтры) на «судзе» ў «ДНР». Данецк, Украіна. 9 чэрвеня 2022 года. Фота: dan-news.info

«Вярхоўны суд» у самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспубліцы» 9 чэрвеня вынес смяротны вырак тром замежным добраахвотнікам, якія ваявалі на баку Украіны: гэта грамадзяне Вялікай Брытаніі Шон Пінер і Эйдэн Аслін, а таксама грамадзянін Марока Саадун Брагім, якія служылі ў 6-й асобнай брыгадзе марской пяхоты Украіны. Шон Пінер і Эйдэн Аслін здаліся ў палон у Марыупалі ў сярэдзіне красавіка, Брагім – у Валнавасе ў сакавіку.

Сяброўка Брагіма, украінка Дар’я Алійнык расказвае «Белсату»: Саадун прыехаў ва Украіну вучыцца або шукаць працу, у 2019 годзе паступіў у Кіеўскі політэхнічны інстытут на «Аэракасмічныя сістэмы», правучыўся год і пакінуў вучобу, але хацеў аднавіцца. У канцы кастрычніка ці пачатку лістапада 2021 года ён паступіў на службу ў Збройныя сілы Украіны, паехаў на навучанне. Чаму так вырашыў, Дар’я дакладна не ведае, але згадвае, што бацька Саадуна таксама вайсковец.

Дар’я Алійнык, сяброўка Саадуна Брагіма. Фота: асабісты архіў Дар’і

У зону актыўных баявых дзеянняў Саадун трапіў яшчэ ў пачатку лютага 2022 года, кажа Дар’я. І ён быў не нейкім незаконным «наймітам», як сцвярджаў «суд», а меў афіцыйны кантракт з ЗСУ – замежнікам ва Украіне дазволілі служыць паводле кантракту яшчэ ў 2016 годзе. Яго «прызналі вінаватым» таксама ў тым, што ён у складзе ЗСУ спрабаваў учыніць «гвалтоўны захоп улады» ў непрызнанай «рэспубліцы» на тэрыторыі Украіны. На службе быў кіроўцам і перакладчыкам (ён валодае арабскай, мараканскай берберскай, расейскай, французскай і ўкраінскай мовамі).

«Апошні раз я з ім перапісвалася, здаецца, 27 сакавіка, – згадвае Дар’я. – Ён пісаў у апошніх паведамленнях, што ён даволі дэматываваны, што ў іх не хапае амуніцыі, рыштунку. Памятаю, яшчэ спытала яго, ці трэба, можа, падключыць нейкія валанцёрскія арганізацыі, спрабаваць нешта ім туды выслаць. Ён сказаў, што не выйдзе: усё роўна ў атачэнні. Потым я ўжо даведалася з расейскіх навінаў, што ён у палоне».

Саадун Брагім. Фота: асабісты архіў Дар’і Алійнык

Ці кажа ён сваімі словамі на расейскіх відэа, ці агучвае выдадзены яму тэкст, Дар’я не ведае, але бачыць, што ён выглядае абсалютна знясіленым. Ёй здаецца, што ён можа баяцца і падбіраць словы, што не ўпэўнены, што можна і нельга казаць.

Яна прыводзіць прыклад маніпуляцыі: на расейскім арабскамоўным тэлеканале RT Саадуну паказвалі відэа таго, як мучаць расейскіх палонных ва Украіне і прасілі сказаць, што ён гэта асуджае. Адзінкавыя выпадкі катаванняў украінцамі расейскіх палонных, падобна, маглі быць, але Украіна гэта публічна асуджала і абяцала расследаваць – у адрозненні ад Расеі, якая называе «фэйкамі» шматлікія сведчанні катаванняў ўкраінскіх палонных.

Дар’я рэзюмуе: хай Саадун кажа што заўгодна, абы застаўся жывы.

Навошта выносіць палонным смяротны вырак?

Украіна не супраць абмену палонных украінскіх вайскоўцаў на палонных расейцаў, такія абмены час ад часу ладзяцца. У прыватнасці, не супраць абмену менавіта гэтых палонных брытанцаў і мараканца. Навошта тады «ДНР» вынесла смяротны вырак палонным? Дар’я кажа, што ёй цяжка аб гэтым разважаць, бо яна не паліттэхнолаг. Але яна кажа:

«Відавочна, гэта нейкая шматхадовачка, нейкая вялікая маніпуляцыя, сто адсоткаў гэта не робіцца проста так. Магчыма, Расея хоча атрымаць нешта ўзамен, набівае цану палонным. Адна справа – проста палонны, іншая справа – асуджаны да смяротнай кары. Можна пагандлявацца.

Таксама такі маніпулятыўны момант, што ім далі месяц на абскарджванне справы. Брытанія збіраецца абскарджваць гэтую справу тых двух брытанцаў, якія там знаходзяцца, але калі брытанскі суд ці нейкі міжнародны суд афіцыйна хоча абскардзіць справу, дык гэта значыць, што яны прызнаюць гэтую «ДНР», азначае, што прызнаюць іхныя дзеянні правамернымі».

Палонныя на «судзе» ў «ДНР». Данецк, Украіна. 9 чэрвеня 2022 года. Фота: dan-news.info

Дар’і і самой хацелася б зразумець, чаго хочуць у «ДНР», бо тады было б зразумела, што з гэтым можна зрабіць: калі хочуць абмяняць на кагосьці канкрэтнага, можна было б падымаць гэтую тэму, шукаць кантакты ва ўладзе. Але цяпер ёй зусім не зразумела, чаго хоча «ДНР».

Таксама яна не ведае, ці ўлады Марока спрабуюць вызваліць свайго грамадзяніна з палону. Толькі ўлады «ДНР» заяўлялі, што нібыта Марока і Брытанія з імі не кантактавалі адносна палонных, а іншых навінаў не было. Але ад простых людзей з Марока, блогераў і інфлюенсераў, яна бачыць падтрымку – таму спадзяецца, што Марока неяк адрэагуе на афіцыйным узроўні.

Што тады рабіць? Дар’я кажа, што калі б ведала, то ўжо зрабіла б. Застаецца толькі намагацца зрабіць гэты выпадак гучным, каб улады, праваабаронцы і міжнародная супольнасць звярнулі на гэта максімум увагі.

Hавiны

«Трымалі ў яме, стралялі ля вуха, спускалі сабакаў». Украінскія вайскоўцы распавялі пра катаванні ў палоне

04.04.2022 21:30

Алесь Наваборскі belsat.eu


#Беларусь