З блогера Эдуарда Пальчыса пастанавілі спагнаць больш за 575 тыс. рублёў

У Менску суд задаволіў пазоў сталічнай пракуратуры супраць блогера Эдуарда Пальчыса. Пракуроры запатрабавалі спагнаць больш за 575 тыс. рублёў з блогера. Маўляў, на такую суму ён сваймі дзеяннямі нанёс шкоду дзяржаўным прадпрыемствам.

Эдуард Пальчыс. Фота: spring96.org

Паводле пракуратуры сталіцы, блогер Эдуард Пальчыс «учыніў злачынствы, у выніку якіх пацярпелі УП «Менсктурыст», КТУП «Менсктранс», ДВА «Гаррамаўтадар Менгарвыканкаму», АКУП «Спецкамунаўтатранс» і ВКУП «Менскзелянбуд». У судзе пракуроры даводзілі, што блогер сваймі дзеяннямі пашкодзіў маёмасць, нанёс страты прадпрыемствам у выглядзе недаатрыманых прыбыткаў ад спынення руху гарадскога транспарту. Суд стаў на бок пракуратуры і пастанавіў спагнаць з Эдуарда Пальчыса больш за 575 тыс. рублёў.

Эдуарда Пальчыса асудзілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі: арт. 130 («Распальванне варожасці»); арт. 293 («Арганізацыя масавых беспарадкаў»); арт. 342 («Арганізацыя дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»); арт. 361 («Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»). 17 снежня летась блогера пакаралі 13 гадамі калоніі. Беларускія праваабаронцы прызналі Эдуарда палітвязнем.

Падтрыманне Эдуарду можна даслаць на адрас:

СІЗА № 2, вул. Гагарына, 2, 210026, г. Віцебск.

Артыкулы

Ён жа Джон Сільвер, ён жа «1863x». Хто такі Эдуард Пальчыс і за што яго судзяць

16.12.2021 14:30

Алёна Аляксандрава, belsat.eu


#Беларусь