Калонія за фота вайсковага самалёта і прысуд вайсковаму пенсіянеру. Рэпрэсіі ў Беларусі за 2 ліпеня

Палітычны пераслед у сучаснай Беларусі адбываецца штодня. «Белсат» падсумоўвае рэпрэсіі супраць беларускага народу, пра якія сталася вядома 2 ліпеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: malanka.media

За тры «кактэйлі Молатава» ў аўтамабілі ўнутраных войскаў былому падпалкоўніку Дзмітрыю Нешту прысудзілі 12 гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым у незаконных дзеяннях у адносінах да паляўнічай агнястрэльнай зброі (ч. 1. арт. 295-3 КК) і акце тэрарызму (ч. 1 арт. 289 КК). Дзмітрый Нешта – вайсковы пенсіянер, працаваў у Баранавічах на 558-м авіярамонтным заводзе. Пасля прысуду яго пазбавілі звання падпалкоўніка.

У Берасцейскім абласным судзе разгледзелі крымінальную справу ў дачыненні 23-гадовага Канстанціна Байсарава за здымку вайсковага самалёта. Канстанціна прызналі вінаватым у тым, што 27 лютага 2022 года ён даслаў у бот «экстрэмісцкага» тэлеграм-каналу відэа вайсковага самалёта. Гэтыя дзеянні кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК РБ («Спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці»). 1 ліпеня яму вынеслі прысуд: 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Суддзя пастанавіў узяць Байсарава пад варту ў зале суда.

Жыхарку Полацку Ксенію Глот асудзілі на 15 содняў арышту. Яе затрымалі 30 чэрвеня. На Ксенію склалі пратакол адміністратыўнага правапарушэння паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Hавiны

Улады «ДНР» абвінавацілі ў наёмніцтве яшчэ двух палонных брытанцаў. Ім пагражае смяротнае пакаранне

02.07.2022 18:41

Актывіста з Наваполацку Андрэя Галавырына двойчы запар пакаралі соднямі за рэпосты. Мужчыну затрымалі 15 чэрвеня і змясцілі ў Наваполацкі ЦІП, дзе ён перанёс гіпертанічны крыз. Вядома, што ў той дзень над ім адбыўся суд паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»). Суддзя Зінаіда Балаболава прызнала яго вінаватым і арыштавала на 15 содняў. Учора, 1 ліпеня, Андрэя зноў пакаралі 15-дзённым арыштам.

Віктар Бабарыка выйшаў са штрафнога ізалятару, дзе правёў 10 дзён нібыта за канфлікт з сукамернікам. У траўні Бабарыка ўжо правёў 10 содняў у ШІЗА. З перапіскай у палітвязня па-ранейшаму праблемы – лістоў яму не перадаюць.

1,5 года «хатняй хіміі» за размаляваныя прыпынкі прысудзілі Яўгену Філіпаву паводле арт. 341 Крымінальнага кодэксу («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»). Згодна з абвінавачаннем, Філіпаў 56 жніўня 2021 года наносіў выявы балончыкам на прыпынках у Баранавіцкім раёне. Гэтым ён нанёс шкоду, якую ацанілі на 33,48 руб. Мужчына прызнаў віну і добраахвотна кампенсаваў шкоду.

Магілёўскі абласны суд у закрытым судовым паседжанні вынес вырак у крымінальнай справе ў дачыненні жыхара Чэрыкава Віктара Карніенкі, абвінавачанага ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130 КК). У выніку абвінавачанаму прызначылі пакаранне ў выглядзе 3 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Hавiны

Перадайце беларусам у Польшчы: гэты бот адкажа на галоўныя пытанні пра легалізацыю, медыцыну, транспарт

02.07.2022 14:12

Алена Рувіна belsat.eu


#Беларусь