Макрон і Шольц абмеркавалі з Пуціным лёс абаронцаў «Азоўсталі» і заклікалі да прамых перамоваў з Зяленскім

Прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц правялі тэлефонную размову з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, паведаміла прэс-служба французскага прэзідэнта.

Размова прадстаўнікоў трох краін, якая была ініцыяваная заходнімі лідарамі, доўжылася каля 80 хвілін і была прысвечана вайне ва Украіне.

Эманюэль Макрон и Оляф Шольц. Фота: politnavigator.net

Заходнія лідары ізноў настойвалі на тым, што любое рашэнне вайны павінна быць дасягнута шляхам перамоваў паміж Масквой і Кіевам пры павазе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Яны зноў запатрабавалі спынення агню і заклікалі Пуціна як мага хутчэй пагадзіцца на прамы абмен меркаваннямі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Таксама яны заклікалі Пуціна вызваліць каля 2500 абаронцаў «Азоўсталі», захопленых расейскімі войскамі.

Акрамя гэтага Макрон і Шольц настойвалі на тэрміновасці зняцця блакады Адэсы, каб зрабіць магчымым экспарт украінскіх збожжавых праз Чорнае мора і пазбегнуць сусветнага харчовага крызісу. Яны прынялі да ўвагі абяцанне прэзідэнта Расеі даць судну доступ у порт для экспарту збожжавых без іх ваеннай эксплуатацыі Расеяй, калі ён будзе папярэдне размініраваны і заклікалі да больш хуткага працягу працы, якая праводзіцца з Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый.

Hавiны

ААН: праз сітуацыю ва Украіне амаль 218 млн асобаў могуць зазнаць голад

2022.05.28 15:42

У сваю чаргу Пуцін расказаў кіраўнікам Нямеччыны і Францыі апошнія навіны аб вайне ва Украіне і заявіў, што пастаўкі заходняй зброі Кіеву носяць небяспечны характар.

Таксама Пуцін адзначыў, што перамовы з украінскім бокам знаходзяцца ў замарожаным стане па віне Кіева. Паводле яго слоў, расейскі бок адкрыты да аднаўлення дыялогу, аднак раней у Крамлі адмаўляліся ад прамых перамоваў паміж Пуціным і Зяленскім.

Алена Рувіна belsat.eu


#Беларусь