У судзе над Аўтуховічам абвясцілі перапынак праз хваробу абвінавачванага

Праз умовы ў камеры Мікалай Аўтуховіч захварэў на прастуду і не можа прысутнічаць на судзе. У выніку суддзя абвясціў перапынак да 13 чэрвеня, паведамляюць праваабаронцы.

Мікалай Аўтуховіч на судзе. Горадня, Беларусь. 18 траўня 2022 года. Фота: БелТА

9 чэрвеня падчас судовага паседжання Мікалай Аўтуховіч паскардзіўся на здароўе. Вязень распавёў, што праз кепскія ўмовы ў камеры, дзе высокая вільготнасць і вельмі холадна, ён захварэў на прастуду. У судзе ў сувязі з гэтым абвясцілі перапынак да 13 чэрвеня.

Праваабаронцам стала вядома, што 9 чэрвеня ў судзе распачаўся ягоны допыт.

«Цалкам віны не прызнаю. Так, згодны, што нейкая частка праўды ёсць, аднак яна не тычыцца тых людзей, якія сядзяць разам са мной у гэтай зале суда. Яны вінаватыя толькі ў тым, што былі са мной знаёмыя. Многія моманты следства былі скажоныя. Разумею, што прысуд наконт мяне ўжо прыняты на ўзроўні Лукашэнкі. Зразумела, што ўвесь гэты сцэнар быў зрэжысураваны КДБ. Але ўсё роўна не разумею, на што разлічвалі следчыя, калі думалі, што ўсе гэтыя 11 чалавек пабаяцца сказаць, як усё было насамрэч».

У справе праходзяць Мікалай Аўтуховіч, Уладзімір Гундар, Вольга Маёрава, Галіна Дзербыш, Віктар Снегур, Павел Сава, Сяргей, Павел і Любоў Разановічы, Ірына і Антон Мельхеры.

У прыватнасці, іх вінавацяць у падпале машыны і недабудаванага дому міліцыянта ў Ваўкавыску, а таксама падрыве аўтамабіля амапаўца ў Горадні («хлапок» прывёў да невялікага пашкоджання пярэдняй часткі аўтамабіля). Ад гэтых дзеянняў ніхто не пацярпеў.

Агулам Мікалаю Аўтуховічу выставілі абвінавачванне паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку ч. 3 арт. 289 («Акт тэрарызму»). Паводле гэтага артыкулу Аўтуховічу можа пагражаць смяротнае пакаранне.

Справу разглядае Гарадзенскі абласны суд, суддзя – Максім Філатаў. Менавіта ён прысудзіў пяць гадоў калоніі Вітольду Ашурку, які загінуў у траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі.

Абноўлена

Мікалай Аўтуховіч на судзе не прызнаў сваёй віны

09.06.2022 12:05

Алёна Аляксандрава, belsat.eu


#Беларусь