Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 28 траўня

«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі па стане на вечар 28 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Сухапутныя войскі паказалі працу ўкраінскіх артылерыстаў. Фота: Генеральний штаб ЗСУ/Facebook

Паводле аператыўных звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 30 тысяч чалавек забітымі.

За апошнія содні на Данецкім і Луганскім напрамках украінскімі сіламі былі адбітыя восем атак расейцаў. Паведамляецца, што агрэсар па-ранейшаму спрабуе замацавацца ў горадзе Ліман, пры гэтым атакі на Севераданецк і ягоныя наваколлі поспехаў расейцам не прынеслі, і яны адступілі на старыя пазіцыі. Разам з тым па-за межамі Данбасу расейцы ў асноўным спрабуюць умацаваць свае цяперашнія пазіцыі, а таксама працягваюць абстрэлы ўкраінскага боку з артылерыі ды авіяцыі.

Расейскае выданне «Медуза» паведаміла, што ў Крамлі зноў абмяркоўваюць магчымы штурм Кіева – і нават спадзяюцца на поўную перамогу ў вайне. Гаворыцца, што такія змены ў планах адбыліся на фоне прасоўвання расейскіх войскаў у Данбасе цягам апошніх тыдняў.

Заходнія выданні «The New York Times» і «Wall Street Journal» са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамілі, што ЗША гатовыя адправіць ва Украіну ракетныя сістэмы залпавага агню вялікай далёкасці. Гаворыцца, што ўзбраенне ўвойдзе ў новы пакет вайсковай дапамогі Украіне, пра якую афіцыйна могуць заявіць ужо на наступным тыдні. Імаверна, гаворка ідзе пра ракеты M31 GMLRS (Guided Multiple Launch Rocket System) і колавыя сістэмы HIMARS (High Mobility Artillery Rocket Systems), паведамляе «Wall Street Journal». Далёкасць агню гэтых сістэмаў у залежнасці ад боепрыпасу складае ад 70 да 500 кіламетраў. Паводле «The New York Times», зброя можа паступіць ва Украіну ўжо праз некалькі тыдняў.

Hавiны

Сабаку Патрона ўзнагародзілі прэстыжнай прэміяй на Канскім кінафестывалі

2022.05.28 09:52

Тым часам у Расеі Уладзімір Пуцін падпісаў закон, які скасоўвае верхнюю ўзроставую мяжу для вайсковай службы паводле кантракту. Раней падпісаць кантракт на службу маглі расейцы 19–40 гадоў і замежнікі 18–30 гадоў. Цяпер пункт пра ўзрост у законе «Аб воінскім абавязку і вайсковай службе» гучыць так: «Першы кантракт аб праходжанні вайсковай службы маюць права заключаць грамадзяне (замежныя грамадзяне) ва ўзросце з 18 гадоў».

Паводле звестак ААН, колькасць уцекачоў з Украіны на канец траўня склала 6 700 411 чалавек. Большасць з іх выехала ў Польшчу – там колькасць украінскіх уцекачоў перавысіла 3,5 мільёна чалавек, амаль мільён (984 тысяч) чалавек – у Румынію, Венгрыя прынялі больш за 665 тысяч уцекачоў, Малдова – больш за 476 тысяч, у Славаччыну з’ехалі больш за 451 тысяч украінцаў, у Беларусь – больш за 29.

Намеснік дырэктара харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН Маўрыц’ё Марціна заявіў, што праз сітуацыю ва Украіне амаль 218 мільёнаў асобаў могуць зазнаць голад. Таксама ён падкрэсліў, што сітуацыя з пагрозай паставак збожжа трывожная для краінаў, што сталі на шлях развіцця, бо 36 з 55 дзяржаваў з харчовым крызісам купляюць больш як 10 % пшаніцы ў Расеі і Украіны.

Акупацыйная адміністрацыя Херсонскай вобласці цалкам закрыла межы. Уезд і выезд з Херсоншчыны цяпер заблакаваны. У вобласці ўводзяць спрошчаную працэдуру выдачы расейскага грамадзянства. Акрамя таго, акупацыйная адміністрацыя вобласці заявіла пра пераход на маскоўскі час, у сувязі з чым пераводу гадзіннікаў на зімовы час больш не будзе. Летні час ва Украіне супадае з маскоўскім.

Hавiны

Пётр Парашэнка другі раз за содні спрабаваў выехаць з Украіны

2022.05.28 17:13

Віцька Кавалак belsat.eu


#Беларусь