Спецыяльнае вядзенне могуць распачаць супраць бізнесоўцаў, каб забраць іхную маёмасць

Падчас справаздачы перад Лукашэнкам старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гара распавёў не толькі пра спецыяльнае вядзенне ў дачыненні апазіцыйных палітыкаў, але таксама і пра тых, хто, на думку ўладаў краіны, учыніў эканамічныя злачынствы. Улады маюць намер праз суд завочна канфіскоўваць маёмасць у тых, хто з’ехаў з Беларусі. «Белсат» спрабаваў высветліць, супраць якіх бізнесоўцаў могуць распачаць спецыяльнае вядзенне.

Дзмітрый Гара, старшыня СК, на сустрэчы з Лукашэнкам. Фота: president.gov.by

Старшыня Следчага камітэту Дзмітрый Гара 29 лістапада сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і распавёў яму пра выкананне загаду аб хутчэйшым разглядзе ў судах «экстрэмісцкіх справаў». Улады Беларусі «экстрэмізмам» называюць любую праяву нелаяльнасці. Таму ў судах разглядаюцца справы і выносяцца прысуды за абразу чыноўнікаў, за «распальванне варожасці».

Дзмітрый Гара па выніках нарады распавёў пра такія справы.

«Гэта адносіцца да даручэння кіраўніка дзяржавы, якое было агучанае ў пачатку гэтага года, аб скарачэнні вядзення крымінальных справаў экстрэмісцкай накіраванасці. Гэта выяўленне злачынцаў, прыцягненне іх да ўстаноўленай законам адказнасці. Дакладзена, што ў гэтым напрамку разам з органамі ўнутраных справаў, КДБ вядзецца вельмі шчыльная праца, і дастаткова вынікова», – расказаў кіраўнік ведамства.

Дзмітрый Гара, старшыня СК. Фота: president.gov.by

Дзмітрый Гара заявіў, што на працягу апошніх 10 месяцаў бягучага года ў суды накіравалі чвэрць усіх крымінальных справаў «экстрэмісцкай» накіраванасці.

Акрамя гэтага Дзмітрый Гара заявіў і пра спецыяльнае вядзенне супраць прадпрымальнікаў.

«Узгодненая пазіцыя з кіраўніком дзяржавы адносна накіравання ў суд у парадку спецыяльнага вядзення і крымінальных справаў не экстрэмісцкай накіраванасці, а ў дачыненні людзей, якія ўчынілі эканамічныя злачынствы, нанеслі вялізную шкоду і грамадзянам, і дзяржарганізацыям. І ў якіх засталіся тут даволі вялікія актывы, якія дазволяць кампенсаваць гэтую шкоду. У гэтым кірунку таксама будзем працаваць», – заявіў старшыня Следчага камітэту.

Дзмітрый Гара не ўдакладніў, пра каго вядзецца. Але выглядае, што ўлады маюць намер распачаць спецыяльнае вядзенне і супраць бізнесоўцаў. Судзіць завочна і забіраць маёмасць будуць не толькі ў палітыкаў.

«Калі паглядзець агулам, то нармальнае заканадаўства, як у Беларусі, гэтак і ў іншай краіне, прадугледжвае, што калі чалавека трэба судзіць, то патрэбна знайсці, за што судзіць, даказаць ягоную віну», – кажа бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

Hавiны

Сілавікі заявілі пра першыя затрыманні за каментары пра смерць Уладзіміра Макея

2022.11.30 18:32

Прадпрымальнік працягвае, што законы, у тым ліку і ў Беларусі, не даюць забіраць маёмасць у чалавека без пастановы суда. Былі сітуацыі, калі чыноўнікі хацелі забраць маёмасць, але не маглі прыцягнуць чалавека да судовага паседжання. У выніку справа завісала. Такім чынам атрымлівалася, што чалавек яшчэ не абвінавачаны, але распараджацца сваёй маёмасцю ўжо не можа. Такі падыход стасавалі як да палітыкаў, так і да асобаў, якія, на думку ўладаў, ёсць эканамічнымі злачынцамі.

«Я, калі быў у калоніі, пабачыў некалькі дзясяткаў крымінальных справаў. На падставе гэтага я магу смела казаць, што не бачыў ніводнай законнай крымінальнай справы ў прынцыпе. Або не было складу злачынства, або не было доказаў, або няправільна ацэньваецца склад злачынства. І, маючы такую карцінку, беларуская дзяржава развязала гэтую дылему такім чынам, што будзе судзіць чалавека нават без ягонай прысутнасці. Прычым чалавеку не прапаноўваюць права на абарону. Бо любы цяпер падазраваны ўладамі, напрыклад, той жа Павел Латушка, раней заяўляў, што гатовы стаць перад судом, ёсць тэхнічныя магчымасці зрабіць гэта праз сеціва з відэа. Але гэта наўрад ці задавальняе беларускую дзяржаву, бо прысутнасць такіх людзей азначае, што яны будуць казаць праўду на судзе», – выказвае перакананне Аляксандр Кныровіч.

Hавiны

Спецыяльнае вядзенне супраць Ціханоўскай і Латушкі хутка паступіць у суд

2022.11.29 14:50

Суразмоўца «Белсату» падкрэслівае, што завочныя суды – гэта проста беззаконне. Але ў нашай краіне ўводзяць такую практыку праз тое, што назапасілася вельмі вялікая колькасць крымінальных справаў. А дацягнуцца да абвінавачаных няма магчымасці.

«Акрамя таго, у нас жа бандыцкая дзяржава. У нас дзяржава, у якой маёмасць, грошы, нерухомасць, лецішчы і гэтак далей – важнейшае за ўсё астатняе. І дзеля таго, каб было прасцей іх забраць, прымаюцца такія рашэнні. Гэта проста пытанне, як забраць грошы», – кажа бізнесовец.

Што да канкрэтных выпадкаў, то афіцыйна не паведамляецца, супраць каго з бізнесоўцаў распачнуць спецыяльнае вядзенне. Раней улады Беларусі пастанавілі, што без дазволу ўладаў забараняецца распараджацца акцыямі бізнесу, які належыць асобам з замежных дзяржаваў, «якія ажыццяўляюць недружалюбныя дзеянні ў дачыненні беларускіх юрыдычных і (або) фізічных асобаў». Агулам чыноўнікі налічылі 190 прадпрыемстваў па ўсёй краіне. Сярод буйных кампаніяў «Еўраопт», «Дана Астра», «Лідскае піва», «EPAM Systems» і шэраг іншых.

У выніку цяпер улады могуць распачаць супраць любога прадпрымальніка спецыяльнае вядзенне, а суд вынесе пастанову пра канфіскацыю маёмасці.

Аналітыка

«Спроба сілаю схіліць да кахання». Забарона інвестарам прадаваць свае акцыі – што гэта дасць Беларусі?

2022.07.05 18:35

Паводле заканадаўства, крымінальныя справы ў Беларусі мае разглядаць менавіта суд, але старшыня СК пытае меркаванне Лукашэнкі і ўзгадняе з ім пазіцыі адносна гэтых справаў. Аляксандр Кныровіч звяртае ўвагу, што такім чынам дэманструюць парушэнне заканадаўства Лукашэнкам, які ўмешваецца ў справы і можа перашкаджаць бесстаронняму разгляду справаў суддзямі.

«Кіраўнік Следчага камітэту некалі, падчас таго, як затрымалі мяне, падпісваў абсалютна незаконныя паперы. Агулам мая справа будуецца вакол ягонай паперкі. Ён насамрэч даўно не выконвае заканадаўства краіны. Але пры гэтым ён вельмі выдатна разумее іерархію ўлады і іерархію прыняцця рашэнняў. І ён звяртаецца менавіта да таго чалавека, які ў межах той сістэмы, якая ніякага дачынення да заканадаўства не мае, прымае рашэнне. У гэтым аспекце ён абсалютна лагічны. Ён ідзе да «пахана». «Пахан» яму адказвае: так, давай будзе вось так. Такое проста немагчыма ў нармальнай краіне. Бо павінныя быць законы, якія прымаюць прадстаўнікі народу, прычым незалежна ад іншых галінаў улады. Так павінна быць. Але ў нас не так», – кажа Аляксандр Кныровіч.

Спецыяльнае вядзенне, як тлумачыць СК, гэта вядзенне ў крымінальнай справе супраць абвінавачанага, які застаецца за межамі Беларусі і «ўхіляецца ад яўкі» да следчых. Такое вядзенне, а таксама завочныя суды, стала можна ладзіць пасля зменаў у законы, якія 21 ліпеня падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Меркаванні

Вельмі патрэбныя грошы

2022.11.30 14:00

Мікалай Каткоў belsat.eu

The post Спецыяльнае вядзенне могуць распачаць супраць бізнесоўцаў, каб забраць іхную маёмасць appeared first on belsat.eu.


#Беларусь